Васіль Хмялеўскі пражыў нядоўгае, але бурнае і творча плённае жыццё. У сорак гадоў ён пакінуў гэты свет. Але засталося многа палотнаў, гатовых у экспазіцыю.
Васіль рыхтаваўся да юбілейнай выставы, а калі быў вызначаны тэрмін яе правядзення, уступіў па просьбе аднаго з сабратаў па ”цэху”. Так і не давялося яму ўбачыць свае творы ў выставачнай зале…
Для маленькіх эцюдаў Хмялеўскі дакладна падбіраў паспарту па колеру і фармату. Ён добра разумеў каштоўнасць натурных работ, якія ўяўлялі сабой энергетычны сплаў прыроды і душы мастака. Гэтыя ўсплёскі эмоцый часам гаворыць пра аўтара больш, чым вялікія палотны, у якіх больш рацыяналізму, прадуманасці.
Выстава з 25 твораў, нядаўна арганізаваная галерэяй “La sandr”, пазнаёміла гледачоў з творчасцю Васіля Хмялеўскага. Тут нібы раскрыліся таямніцы жыцця мастака, яго ўражанні ад падарожжаў і прыхільнасці ў мастацтве. Помнікі архітэктуры прыцягвалі яго ўвагу і ў Беларусі, і ў Украіне, і ў Расіі. Часта ездзіў у Санкт-Пецярбург, пісаў Ісакіеўскі сабор, Адміралцейства, набярэжную Нявы. З тых мясцін, дзе быў, заўсёды прывозіў эцюды з адлюстраваннем сабораў, цэркваў, касцёлаў. Яго зачароўвала і натхняла веліч культавых пабудоў.
Яшчэ адна асаблівасць. Разглядаючы работы Хмялеўскага, адзначаеш: ён аддаваў перавагу зіме. Снежныя каўняры на дахах сельскіх хатак, заснежаныя палі з цёмнымі купінамі, раз’езджаная прасёлачная дарога, прыцярушаныя снегам гнёзды буслоў - усё гэта пісалася на адным дыханні, з захапленнем. Жывапіснае адчуванне падказвала беспамылковую колеравую гаму. З мноства зімовых матываў кожны гучыць у сваім непаўторным каларыстычным ключы.
Васіль Хмялеўскі ўмеў сканцэнтравацца і доўга працаваць над палатном, калі гэтага патрабавала задума. Так, нацюрморты, удала cкампанаваныя, не перагружаныя прадметамі, выпісаны старанна, няспешна.
Наогул, у яго работах адчуваецца ўпэўненая рука, якой даступна адлюстраваць любую думку аўтара. Да мастака такая ўпэўненасць прыходзіць з гадамі, з майстэрствам, з разуменнем сябе ў мастацтве. Васіль Хмялеўскі спасцігнуў усё гэта рана, магчыма, таму, што лёсам яму было адмерана кароткае жыццё.
Газета “Голас Радзімы”.