К:- Успаміны сяброў і калег пра Васіля Хмялеўскага звычайна пачынаюцца з дзвюх слоў: вялікі і добры. І гэтыя “вялікі і добры” - дамінанта размоў пра вашага бацьку. Я разумею, што тата для любога дзіцёнка - вялікі і добры. А якім яшчэ ён быў для вас?
Х:- Я таксама хачу сказаць, што для мяне ён быў вялікім і добрым. Я тату памятаю маленькай дзяўчынкай. Тата адыйшоў, калі мне было 14 гадоў. А маёй сястры - 12. І для мяне гэта сапраўды вялікі чалавек, таму што я была маленькім дзіцём. Вельмі цёплы, вельмі добры, вельмі спагадлівы. Ён нас вельмі любіў. Шмат часу праводзіў з намі. На жаль, нашы бацькі разыйшліся, але ўспаміны пра тату ў мяне вельмі цёплыя. Вялікі, добры, справядлівы, вельмі цёплы. Вельмі эмацыянальны чалавек.
К:- Тады давайце вось у які ракурс перавядзём нашу размову. Гукамі колер вымяраць праблемна. І ўсё ж давайце пойдзем у гэты бок. Многія сцвярджаюць: Хмялеўскі быў вельмі музычным. З вашага сённяшняга прафесійнага пункту гледжання: наколькі ён быў музычным чалавекам?
Х:- Мне складана адказаць. Я не чула, каб тата часта спяваў. Але ён быў вельмі эмацыянальны. У нас была кватэра ў Серабранцы, і зала была аддадзена пад татаву майстэрню. Але яна заўсёды была зачынена. Для нас з сястрой было цікава туды трапіць: што ж там тата хавае? А калі траплялі туды - там такі пах фарбаў, палотнаў. І калі тата абдымае, гэты пах яшчэ большы. Вось такія дзіцячыя ўспаміны засталіся на ўсё жыццё. Не ведаю, наколькі ён быў музычным - напэўна, у мяне было мала часу для магчымасці даведацца пра гэта. Але яго эмацыянальнасць, цеплыня вызначалі яго характар. Гэта са мной засталося на ўсё жыццё. І гэта мне вельмі дапамагае.
К:- Вы - музыкант. Гледзячы сёння на эцюды бацькі, яго пейзажы, нацюрморты, як вы думаеце: у творчасці мастака Хмялеўскага ёсць свая мелодыя?
Х:- З вашага дазволу я капну крыху глыбей. Як мы ведаем, у мастацтве, у музыцы ёсць свае стылі і жанры. Что датычыць музыкі, гэта барока - класічная эпоха, потым рамантычная эпоха, імпресіянізм, і далей мы імкнёмся ў наш век. Тое ж самае і ў мастацтве. Я калі аналізавала творчасць таты, я заўсёды параўноўвала яго з рамантычнай эпохай - з рамантызмам. Гэта адчуваецца адразу. Але адначасова я заўважаю моманты імпрэсіянізму ў яго. Ёсць такое спалучэнне - яно на мяжы: рамантыка - імпрэсіянізм. Там ёсць дакладныя лініі і недзе яны размываюцца. Тое ж самае і ў музыцы. Гэта суб’ектыўнае меркаванне - я не спецыяліст, не мастацтвазнаўца - у мяне менавіта такое ўспрыманне татавых работ.
Яшчэ вось што я хачу дадаць пра сувязі нашага таты з музыкай. Мы з сястрой Янай - музыканты. І восьмага мая 2008 года ў зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі, у зале імя Рыгора Шырмы татава работа стала ўдзельніцай музычна-тэатральнага пярфоманса кампазітара Ганны Кароткінай “Маналогі душы” на вершы Марка Шагала. Карціна стаяла на сцэне, упрыгожвала яе, і акцёры звярталіся да гэтай карціны, бо яна была ўдзельніцай пярфоманса. Мая сястра спявала, я акампаніравала ў адным з нумароў праграмы. Хачу сказаць, што гэта найбольш вядомая татава работа - гэта яго дыпломная работа. Не выпадкова фота гэтай дыпломнай работы тата адправіў у энцыклапедыю. Гэту карціну бацька падараваў нам, нашай сям’і. Ён сказаў маме:”Гэта на памяць маім дзяўчынкам”. Яна з намі. Яна саграе нашы душы.
Гэта алмаз у нашай сям’’і. Хаця часцей бацька пісаў невялікія эцюды.
К:- У яго эцюды вельмі цікавыя. Больш таго - тые ж мастакі Кастусь Качан і Мікалай Ісаёнак - кажуць:”Мы хадзілі разам на эцюды. Пакуль я адзін-два зраблю, Вася паспяваў зрабіць чатыры-пять. Прычым з іх штукі тры - проста геніяльныя”.
Х:- А яшчэ мне ўзгадваецца наша паездка ў нейкую вясковую глыбінку. Мне было гадоў пяць-шэсць, маёй сястрычцы - тры гадка. І вось тата нас узяў з сабой. Была зіма, вялікія сумёты. І мы шыбуем праз гэтыя сумёты: мама, мы ўдваіх і тата. Ён ідзе са сваім эцюднікам, са сваімі мастацкімі прычындаламі. Мы ідзём і заходзім у нейкую хату. Тата малюе. Мама гатуе абед. Потым мы ідзём у лазню. Спачатку тата, потым мы з мамай. Ніколі ў сваім жыцці я больш не бачыла столькі снега. Гэта дзіцячыя ўражанні. Але ўсё роўна кажуць: цяпер не выпадае столькі снега. А гэта былі назіранні на ўсё жыццё.
К:- А цяпер, калі ласка, пра карані Васіля Хмялеўскага.
Х:- Пра бацькаву гісторыю. Я ведаю, што бабуля Роза - гэта татава мама - яна разыйшлася з нашым дзядулям, у іх былі складаныя сямейныя ўзаемаадносіны. З’явіўся новы мужчына ў яе жыцці. Яна стварыла з ім сям’ю. А тата быў складаным дзіцём. Гэта я ведаю з сямейных размоў. Тата быў няпростым падлеткам. Таленавітым, але складаным. І бабуля, відаць, не спраўлялася псіхалагічна, эмацыянальна. І бабуля аддала тату ў інтэрнат. Гэта тое, што я чула ў сямейных абмеркаваннях. Гэта была пэўная псіхалагічная траўма для майго бацькі. І гэта - я думаю - наклала пэўны адбітак на яго жыццё, на яго адносіны з жанчынамі. І далей ён па-свойму будаваў сваю сям’ю.
У кожнай сям’і ёсць свае шкілеты ў шафе. Дзякуй Богу, я навучылася гэтыя шкілеты аддзяляць ад асобы бацькі. Таму што я запомніла тату яркай і прыгожай асобай, душой кампаніі. Мне расказвалі, што яго прымалі розныя багемныя кампаніі. Ён хадзіў на вечарыны, дзе выступалі спявачкі з опернага тэатра. Карацей, быў шчодры чалавек. Вельмі добры, спагадлівы. Магчыма, нават занадта.
Бабуля Роза працавала ў Доме мод. Яна пашывала абутак. Была вельмі добрым майстрам. А пра дзядулю я ведаю, на жаль, мала. Карані ў нас трывалыя. Хочацца, каб наш род доўжыўся. Зараз праз маю пляменніцу Васіліну. Яна ў нас дзяўчынка таленавітая, сваеасаблівая - падлеткавы ўзрост. Я спадзяюся - пра гэта мае малітвы - каб наш род працягваўся. І каб беларуская зямля поўнілася новымі талентамі.
К:- Коратка пра сябе, калі ласка.
Х:- У мяне была вельмі добрая школа ў Серабранцы - гэта сярэдняя школа з музычным ухілам нумар 102. Мы яе закончылі з сястрой Янай. Атрымалі вельмі добрую адукацыю. Потым пасля дзевятага класа я поступіла ў Мінскае музычнае вучылішча імя Глінкі. Скончыла па спецыяльнасці піаніст, педагог, канцэртмайстар. Потым навучалася ў Акадэміі музыкі. Стаж работы ў мяне 25 год. Я сем гадоў была заведуючай фартэпіяннага аддзялення ў школе. Чатыры гады была дырэктарам прыватнай музычнай школы пры каталіцкім храме. Працавала ў Бресцкім музычным каледжы. А зараз я - канцэртмайстар у Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Прымаю ўдзел ў конкурсах, канцертах.