К:- Як вы пазнаёміліся з Хмялеўскім?
КК:- Я тады працаваў мастаком па рэкламе ў кінатэатры “Кастрычнік”. Можа і вы раней бачылі мае рэкламы. Адзін мастак з кінатэатра “Партызан” - ён добра ведаў Хмялеўскага, яны разам вучыліся ў вучылішчы, разам заканчвалі, ён мяне і пазнаёміў. На той час Вася быў на трэцім курсе ў Акадэміі - тады гэта быў тэатральна-мастацкі інстытут. І я хадзіў у іх групу. Хадзіў амаль што кожны дзень. І ўжо педагогі ведалі, што я да іх хаджу. У мяне тады была праблема. Я скончыў фізфак БДУ. А потым сабраўся паступаць у тэатральна-мастацкі інстытут. Але ў мяне не прынялі дакументы. Бо я не адпрацаваў тры гады пасля заканчэння універсітэта. Я адзін год адрабіў, і мяне старшыня райана прыняў. Я пайшоў да яго з малюнкамі і кажу, што я не фізік, я хачу прысвяціць свой лёс мастацтву. Ён кажа:”Я таксама малюю трошкі”. Ён мяне зразумеў і адпусціў мяне. Я панёс дакументы ў тэатральна-мастацкі інстытут, а там у прыёмнай камісіі аказаўся нейкі адстаўны ваенны ці яшчэ які строгі чалавек. Ён кажа:”Мы не маем права - закон такі”. На той час было строга. Усім была дадзена каманда: маладых спецыялістаў не прымаць ні ў іншы інстытут, ні на работу, пакуль не адпрацуюць. Як адробіш, дык ідзі паступаць. Таму я знайшоў такі хітры ход: прыходзіў у інстытут на заняткі.
К:- А хто гэта вам дазвіліў? Крохалёў?
КК:- Май Данцыг. Ён мяне зразумеў: я паказаў яму свае творы. І ўсе астатнія - Крохалеў, Грамыка. Я там быў як свой, прысутнічаў на занятках, вывучаў усю праграму. А потым тую задачу, якую ставілі студэнтам, я, каб яе выканаць, ішоў у кінатэатр, дзе працаваў, ці дома ў мяне была майстэрня. Я гэта ўсё рабіў. Так што я не маю дыплома, але гэтую праграму я прайшоў.
А вось што пра Хмялеўскага. Як раз у кінатэатры аслабанілася месца шрыфтавіка: мастак малюе на вялікім фармаце нейкі фрагмент фільма з тварамі, фігурамі, а шрыфтавік піша толькі тэксты да гэтага. І ўся рэклама на некалькіх планшэтах. Планшэты вялікія. Проста аграмадныя. Аслабанілася месца, і я прапанаваў Хмялеўскаму. Ён не шрыфтавік, ён жывапісец быў. Ён і кажа:”Ты будзь шрыфтавіком, я буду маляваць рэкламу”. Так мы і працавалі.
Характар у Васі быў трохі грубаваты, без асаблівага такту. Гаварыў што думае. Яго і звальнялі, і не пускалі яго. Натура ў яго была такая бянтэжная. А мастак ён быў выдатны. У інстытуцкай групе ён быў лепшы.
К:- А чым ён вылучаўся?
КК:- Ён быў сапраўдны жывапісец. Моцны жывапісец. У яго тэхніка пісьма была смелая, хлёсткая. Эцюды ён класна пісаў маленькія на пленэрах. Мы выязджалі ўдваіх на выхадныя. Бярэм эцюднікі і едзем хоць куды, пішам.
К:- А потым глядзелі, хто што напісаў? Яго эцюды чым былі цікавыя для вас тады і сёння яны чым прывабліваюць?
КК:- Я вам скажу, што эцюды ён класныя пісаў. А вынесці гэта на памер - ён не дужа імкнуўся. І, мусіць, таму не вельмі атрымлівалася. Вось я пішу эцюды, потым выбіраю лепшыя, бо адчуваю, што яны вартыя большага памеру. Я гэтую кампазіцыю бяру за аснову і ствараю новую работу - дадаю нейкія фігуры, каб ажывіць карціну. Ён таксама нешта дадаваў потым: нейкага каня, нейкую постаць. Гэта ўжо не проста пейзаж, а зрэшты карціна, там нейкая дзея адбываецца. Вось такія прыёмы яму ўласцівыя. Я нечаму вучыўся ад яго. І неяк хутка навучыўся. Ён потым нават здзіўляўся, што я так імкліва набраў фору. Я першы з гэтай групы пачаў выстаўляцца. У Саюз мастакоў я ўступіў раней, чым астатнія.
К:- А наколькі Хмялеўскі быў гарачы ў творчай спрэчцы? Наколькі захапляўся нейкай тэмай?
КК:- Ён з запалам пісаў. Работы ў яго выскоквалі хутка. За дзень ён пісаў некалькі эцюдаў. Сюжэт заўсёды знаходзіў цікавы, а не толькі пісаў нейкі кавалак пейзажа, нейкае дрэва. Ён заўсёды кампазіцыю шукаў. Умеў гэта рабіць.
К:- Ці былі ў яго улюбёныя тэмы, улюбёныя матывы ў пейзажах?
КК:- Ён усё пісаў: і гарадскія, і вясковыя пейзажы. Але часцей вясковыя. У Піцеры я з ім не быў, але там ён многа гарадскіх пейзажаў пісаў. З архітэктурай у яго здорава атрымлівалася. Прыязджаў у Навагрудак, мы з ім пісалі. Гэта мая радзіма.
К:- А як часта вы ездзілі на пленэры?
КК:- Як выпадала. Справа ў тым, што я тады працаваў. А калі звольніўся з кінатэатра і не трэба было кожны дзень быць на рабочым месцы, галоўнае - выканаць пэўную работу - рэкламу патрэбную зрабіць, вывескі розныя. Тады я ўжо больш вольны быў. І тады мы часцей ездзілі. У мяне ўжо машына з’явілася. Але хутка ўжо і Васі не стала.
К:- Пра свае выставы вы адно аднаму нешта расказвалі?
КК:- Не запомніў я, каб нейкія выбітныя творы Васіля былі на выстаўках. З імі ён неяк не часта удзельнічаў. Часцей выстаўляў невялікія работы, пейзажы. На той час не так проста было трапіць на выстаўку. У некалькі тураў выбіраў выстаўкам. Па першаму туру маглі прапусціць, а далей маглі адхіліць. Так што трапіць на выставу тады было складана.