Кл: - Пазнаеміліся мы з Васем у спартыўным грамадстве “Спартак”. Гэта непадалёк ад цяперашняй ратушы. На першым паверсе былі баксёры. Уладзімір Уладзіміравіч Бацвіннік вёў заняткі там. На другім паверсе Файбышаў і Зельдзін вялі вольную барацьбу, і Вася займаўся вольнай барацьбой. А я займаўся ў левай зале цяжкай атлетыкай. Нехта паклікаў нас, мастакоў, і нас пазнаёмілі. Мы тады ў мастацкім вучылішчы займаліся. Ён вучыўся на першым курсе, а я ўже на трэцім. Між намі розніца ў два гады. І па гадах нараджэння - я ў 51-ым, ён - у 53-ім. І па тым, што мы былі супрацьлеглыя: Вася - высокі, дужы, здаровы, я - таксама дужы, здаровы, але маленькага роста. Інакш кажучы, розные вагавыя катэгорыі. І моцна мы ўжо пасябравалі ў спартыўным лагеры. Летам “Спартак” пераязджаў у спартыўны лагер. І там мы пасябравалі: былі і сумесныя кампаніі, і, здаралася, пілі віно. Прыязджаў Ромка Рудэрман - ён чэмпіён, вядомая асоба ў цяжкай барацьбе. І яго ставілі заўсёды ў пару з Васем, таму што Вася - таксама цяжкавагавік. 105 кілаграмаў Вася быў. У лагеры нам з Васем далі работу - лозунгі маляваць. Калі мастакі, значыць трэба нешта рабіць. І нам крыху нават заплацілі за гэта.
Вася жыў на Ульянаўскай вуліцы. Ён жыў з мамай. Бацька ад іх даўно пайшоў. Я бываў у іх на кватэры шмат разоў. Вася быў вельмі добрым вучнем Альгерда Адамавіча Малішэўскага ў вучылішчы. Альгерд Адамавіч, як мы казалі, гэта апошні нашчадак “Бубновага валета”. На ім трымалася ў мастацкім вучылішчы ўся творчая школа. На ім менавіта ўсё трымалася. Заняткі вёў Альгерд Адамавіч, і Вася быў прыхільнікам такога мастацтва. I калі пасля заканчэння вучылішча Вася паступіў у інстытут, ён пачаў на вачах мяняцца. Ён стаў больш рэалістам. Ён усё больш і больш рабіўся рэалістычным мастаком.
Вось перад намі работа, якую ён падарыў і сказаў:”Ваня, хачу, каб у цябе была мая работа”. Майстэрня ў Васі была на Кісялёва. І ён проста як бухгалтар ставіўся да сваіх работ. Інакш кажучы, рабіў шмат эцюдаў, а потым у яго этап быў такі: стварэнне рамак. І памятаю: такія сцелажы ён рабіў, і тут была поўная бухгалтэрыя - работы такого памера, большага, меньшага. І ён казаў:”Гэта ўсё так трэба рабіць”.
А пры гэтым Вася быў сарві-галава. Але сябрук быў надзвычайны. Можна сказаць, што гэта і пра яго словы з песні:”Знаете, каким он парнем был?” Таму мяне ў першую чаргу хвалююць яго чалавечыя якасці. Гэта быў прамалінейны, зусім незайздросны чалавек, добры - падзеліцца ўсім. Дапаможа ў любой сітуацыі. Нават ноччу яму пазвані - ён заўсёды будзе на тваім баку, ніколі не здрадзіць.
Аднойчы мне прапанавалі, а я ўжо - Васю паклікаў будаваць такі манумент воінам і партызанам Вялікай Айчыннай вайны. Тады ў Савецкім Саюзе гэта было актуальна, узводзілі гэтыя манументы. І мы паехалі рабіць манумент. Гэта было недалёк ад Браслава, у адным калгасе. І, кажуць, дагэтуль стаіць той манумент. Ён быў шэсць з паловай метраў вышыні. Тры твары былі на ім адбіты - салдата, партызана і матроса. І штыкі ўверх. Цікава было, як мы гэта рабілі. Каркас, вядома, зварылі, зрабілі. А ўжо памосты, рыштаванні трэба было будаваць. Далі нам машыну, і мы павінны былі самі ўсё рабіць… Проста назаўтра мы не паверылі: хто мог гэтыя бярвенні ператаскаць, такія важкія? Аказваецца мы, такія спартсмены, уздымалі іх на плечы - ён высокі, а я значна меньшы - і вось так па дыяганалі насілі іх і складвалі ў грузавік. Грузавік прывёз іх сюды. І мы потым здзіўляліся: адкуль у нас такая сіла? Гэта вельмі запомнілася.
Памятаю, мы, студэнты, стараліся крыху зарабіць грошай. У калгасах заўсёды было шмат работы афарміцельскай. То паказчыкі трэба было афармляць, то пісаць нейкія лозунгі, маляваць партрэты Леніна. Актуальным быў Мыльнікаўскі партрэт, як яго называлі, - з кафлі зроблены профіль Леніна. І яго часта паўтаралі ў афармленнях. Узгадваю, як мы з Васем мерзлі, начавалі ў халодных такіх памяшканнях. У так званых Ленінскіх пакоях у куту стаялі чырвоныя сцягі. Вопраткі было мала - халадэча - і мы заварачваліся ў гэтыя сцягі. І спалі на крэслах.
Вася заўсёды да работы ставіўся весела. Заўсёды спяваў песні. Яго ўлюбёнай была песня з фільма “Генералы пясчаных кар’ераў”. Ён любіў і часта яе напяваў. Дужа вясёлы ён хлопец быў. І працавалі мы засёды дружна. Надзейны заўсёды. Я яго не падводзіў, ён мяне не падводзіў. Выключная розніца ў нас была толькі ў позірках на жывапіс. Але ніколі мы ні толькі не спрачаліся, а нават і супярэчнасці ніколі не агалошвалі.
Вясёлы быў хлопец. У яго маці былі два малодшыя браты. Яны жылі за горадам, непадалёк. І мы часта там бывалі. І з дзяўчатамі прыязджалі. Вася быў такі гаварлівы. Што было - тое было.
К:-Вы сказалі, што ў вас былі розные погляды на жывапіс. У чым вы адрозніваліся, што прымалі і што не прымалі ў яго творчасці?
Кл:- Я здзіўляўся, як чалавек, які так прыгожа браў чырвоныя фарбы і дадатковыя да іх, раптам стаў пісаць блакітнае неба, жоўтую траву? Інакш кажучы, працуе прынцып: што бачу, тое і пішу. У Данцыга Мая Вульфовіча такое таксама адбылося. Ён - настаўнік Васі. І ў апошнія гады Вася зблізіўся з Віталем Канстанцінавічам Цвіркам. І з Цвіркам яны часта ездзілі на эцюды. І ён мне расказваў пра кожную паездку. Прыходзіў і расказваў. І Цвірка, глядзіце, як мяняўся на працягу сваёй творчасці! У пяцідзесятыя гады ён быў такі рэаліст. А ў шасцідзесятыя - памятаеце? - як ён ірвануў! Немагчыма гэта не памятаць. Вася неяк прыляпіўся да яго, і доўгі час яны ездзілі разам на эцюды.
К:- Што-небудзь Вася расказываў пра такія кароткачасовыя пленэры?
Кл- Вядома, расказваў. Расказваў у падрабязнасцях, як працаваў Цвірка. Як няпроста гэта яму было па стану здароўя. Ён ужо быў вельмі немалады, а Вася - у росквіце сіл. І на гэтай аснове яны пасябравалі. У нас з Васем моцнае сяброўства, можна сказаць, непарыўнае было. Такое хлапечае, чалавечае. Не на аснове творчасці. Таму ні разу ён не сказаў, што мне не падабаецца тое, што ты робіш. І я ніколі не мог сказаць: мне не падабаецца тое, што ты робіш. Проста аднойчы я сказаў яму:”Вася, ты - вучань Малішэўскага і ў цябе такія ўдалыя прыгожыя работы, а ты ад гэтага адыйшоў”. Вось такая здарылася размова. Толькі такі, мягкі папрок. А творчых спрэчак не было. Часцей з ім на эцюды ездзіў Коля Ісаёнак. І сябравалі яны на аснове гэтых эцюдаў.
Неяк Вася паехаў у Браслаўскі раён, у Шаркаўшчынскі. І там ён жыў, пісаў эцюды, рабіў афармленне. З калгаса ў калгас пераязджаў. І там яго ўсе сталі называць Будулаем. Таму што ён з барадой. І падобны на Будулая - героя кіно. Памятаеце такога? І ў вёсках казалі:”Наш Будулай, наш Будулай”. І ён вёў жыццё такое падарожнае. І жартаваў часта.
Там у одным калгасе яго папрасілі зрабіць зграфіта. А зграфіта даволі вялікае. Метраў шэсць на шэсць. Ён, зразумела, пра гэта мне расказаў і прапанаваў:”Давай будзем рабіць”. “Добра, - кажу, - давай будзем рабіць”. Узялі яшчэ адаго сябра - Барыса Сямілетава. І мы рабілі такія карыты, размешвалі раствор. І накладвалі, выразалі. Я зрабіў эскіз ужо як прафесіянал гэтай справы. І мы зрабілі някепскую, даволі прыгожую рэч. Скарысталі сілу Васі для замешвання раствора і маё ўменне рабіць разьбу ў выглядзе розных раслін. Карацей, было вельмі цікава. Барыс тады быў з машынай. І мы часта ўтрох ездзілі да рэчкі па рыбу. Вася закідваў вудачкі і калі з лескі атрымлівалася барада - леска заблытвалася, Васю гэта вельмі абурала. Можна сказаць, да слёз. Вялікі такі - а слёзы каплюць.