ПЖ:- Вася быў выдатным жывапісцам. Разглядаючы зараз яго работы, бачна, якім ён мог бы стаць цікавым, значным мастаком. Менавіта жывапісцам, які любіць колер, яго складаныя замесы і тонкую гармонію іх суадносін. Ён не расфарбоўваў - ён пісаў.
К:- Што было цікавага для вас з Хмялеўскім, што было агульнага пад час вучобы ў вучылішчы?
ПЖ:- Калі гаворку весці пра мастацкае вучылішча імя Глебава, то я прыйшоў з вёскі пасля дзевяці класаў і дагэтуль не вучыўся ні ў якіх мастацкіх школах, студыях. Такога я не ведаў. Прыехаў у Мінск, прыйшоў і здаў экзамены на выдатна, і паступіў у мастацкае вучылішча. У мяне быў настаўнікам Выхадцаў, у маёй групе, а ў Васі Хмялеўскага быў Малішэўскі.
Вася ж - мінчук і, мне здаецца, ён займаўся ў нейкіх студыях мастацкіх ці школах і падрыхтоўку меў перад паступленнем. А я такой падрыхтоўкі не меў. Мы ў навучанні тут з ім мала перасякаліся. Мы з ім перасекліся пры паступленні ў інстытут на станковы жывапіс. Тады ўпершыню дазволілі выпускнікам мастацкага вучылішча ўсім жадаючым паступаць без рэкамендацый. А да нас, нашым папярэднікам, не давалі магчымасці ўсім паступаць, а ішоў адбор у самім вучылішчы: хто мае права паступаць, а хто не мае. А ў наш выпуск ужо ўсім дазволілі. Таму на жывапіс паступалі больш за дзесяць чалавек на адно месца.
К:- Такі конкурс быў?
ПЖ:- Так, бралі 5-6 чалавек, а паступала больш за 60, амаль 70 чалавек на аддзяленне - станковы жывапіс. Вася не ў маёй групе быў пры паступленні. Я тады з Сашкам Булатым быў у адной групе. А Вася ў другой майстэрні здаваў экзамены. Некалькі майстэрняў было. Таму калі здавалі пастаноўку на экзаменах, то нам было вельмі нязручна, цесна, мы заміналі адно аднаму. Між мальбертаў ледзь-ледзь нешта было бачна з таго, што трэба было маляваць. Малое памяшканне. Здавалі экзамены мы ў новым корпусе.
К:- Абодва паступілі?
ПЖ:- Так, абодва. Я паступіў. Ён паступіў. З вучылішча яшчэ Сашка Булат паступіў. Каця Зайцава, дачка народнага мастака Зайцава. Яна зараз Цюрына - выйшла замуж за інжынера Цюрына. Гэта першы курс наш. Смаляк Андрэй. Сідоркін Валера. Наш першы курс - шэсць чалавек. Мяне ўзялі кандыдатам. Таму што гісторыю КПСС я здаў на тройку.
І я баяўся, што мяне Ціханавец Валера падапхне. Таму што ён ішоў услед за мной па балах. А ён быў пасля службы ў арміі, і ў яго была нейкая перавага. Але паглядзелі, што ў мяне больш балаў. І мяне Крохалеў узяў кандыдатам. Я сесію здаў на выдатна, атрымаў стыпендыю і быў залічаны паўнапраўным студэнтам. Гэта пасля першага семестра. Вася, вядома, школу Малішэўскага прайшоў у вучылішчы. І ён жывапісец быў па натуры. Як Малішэўскі любіў палітру, любіў замесы з фарбаў на палітры жывыя такія, так і ў Васі жывапіс быў шматколерны.
Вася любіў фарбы замешваць, шукаць адценні. Перапісваў шмат. Сёння, глядзіш: усё напісана, усё здорава, ярка, хораша, святло, цень, палутоны, рэфлексы - усё нармальна. Не, прыходзіць Вася і масціхінам усё здымае. Гэта ў цэлым школа нашага інстытута - таптанне на адным месцы. Мне здаецца, нашы мастакі-педагогі давалі нам вволю гэтага таптання - пошукаў фарбаў, а не методыку самога жывапісу.
Манументалісты трохі больш валодаюць методыкай жывапісу, таму што ім трэба роспіс рабіць, копіі рабіць, прапіскі абагуленныя, тоны, палутоны выводзіць. А ў нас такі імпрэсіён. Сёння сонца свеціць, рэфлексы яркага дня, мы і лупім гэтыя рэфлексы. Назаўтра пахмурны дзень, і мы ўсё перапісваем. Вось такая ў нас была вучоба. Хаця Грамыка спрабаваў нам расказваць пра фарбы - такія неапалітанскія назаве, што ў нас іх ніколі не было. А ён імі падкладкі робіць, лесіроўкі робіць, калі свае карціны піша. А потым гляне на нашыя палітры:”Ой, якімі вы фарбамі пішаце!” Здаецца, такімі ж як і ў вас - з магазіна. А ў яго былі, мабыць, французскія ці яшчэ якія фарбы. Адрозніваліся.
А наконт Васі… Ён вылучаўся жывапісам. Сваім імпрэсіёнам. Сваеасаблівым.
К:- А ён, пачакайце, вучыўся ў Данцыга…
ПЖ:- Не, першы курс мы вучыліся ў Хаіма Ліўшыца. Другі курс - у Барыса Аракчэева. Трэці курс вучыліся ў Натана Воранава. Чацвёрты курс - зноў Воранаў прыйшоў да нас. Потым ён захварэў, прыйшоў Май Данцыг. Калі Воранаў вярнуўся з бальніцы, то яны ўдвох сталі выкладаць. Прычым гэта ж палярныя мастакі: адзін імпрэсіяніст паўночнага еўрапейскага імпрэсіянізму - англійскага, галандскага імпрэсіянізму, не французскага. А Данцыг - новы мадэрніст, у той час так правільна было назваць яго жывапіс. Хлёсткі, напорысты. Ад малюнка - суровы стыль. Ён па-іншаму даваў нам цень пісаць, суадносіны вызначаць. Жывейшыя, ярчэўшыя. А другі - іншы. Нават калі яны разам удвох прыходзілі ў майстэрню, то між імі спрэчкі пачыналіся. Наконт жывапісу. Да кожнага з нас падыходзілі:”Тут вось так трэба…” А Воранаў іншае раіць:”Гэтае няхай будзе, а гэта трэба ўбраць”. І мы пайшлі да Крохалева і папрасілі:”Мы ў Воранава год адвучыліся, а чацвёрты курс няхай Данцыг вядзе”. Таму што Крохалеў заўсёды пяты курс браў. А шосты - ужо дыплом. І мы тады ў кожнага з іх па году павучыліся. Бо ўжо такая сістэма была ў нашым тэатральным інстытуце. Мы казалі:”Усіх вас мы паважаем. І мы хацелі б ад кожнага з вас штосьці ўзяць”. Тым больш Воранаў ужо быў хворы, пасля аперацыі зноў лёг у бальніцу. І потым ужо не прыходзіў, дрэнна яму было, а праз пару месяцаў ён памёр. Так атрымалася. І чацвёрты курс паўнацэнна вёў Данцыг Май Вольфавіч. Данцыг быў маладзейшы. Ён энергічны. Заходзіў у майстэрню нібы свежы вецер. Так мы яго ўсе ўспрымалі - жыва.
Вася быў сваеасаблівы па характару. Ён мог слухаць парады Ліўшыца, Аракчэева і таго ж Данцыга і пры гэтым ціхонька мацюгнуцца: маўляў, не перашкаджай. “Я так бачу, я так пішу, я так ведаю”. Ён быў у сваім настроі. А мы былі больш прыхільныя выслухоўваць парады і старацца выконваць гэтыя парады. Ва ўсякім разе мы былі больш паслухмяныя. А ён быў такі напорысты. Калі што не па ім, заўвагу робіць мастак-настаўнік:”Тут, Вася, перапішы, тут перарабі”. А ён мог паслухаць, а потым махнуць рукой і далей пісаць, як сам хоча. Крохалеву заўсёды падабаўся Васеў жывапіс і ён прыходзіў і, можна сказаць, балдзеў ад яго:”Вася, ты малайчына! Толькі тут крыху ружавейшым зрабі пры пастаноўцы. А тут больш фіялетава”. Праўда, Вася па-свойму да гэтага ставіўся. Трошкі быў грубаваты ў гэтым плане. Была ў яго такая натура з барацьбы - ён вольнай барацьбой займаўся. І сам такі як шафа. Напорысты. Калі ён ідзе, дык збочвай.
К:- Давайце цяпер крыху пра жанры. Пейзажы, нацюрморты, эцюды Хмялеўскага мы добра ведаем. А яго фігуратыўных работ я не сустракаў. Яны ж былі?
ПЖ:- Мы пісалі пастаноўкі. Партрэты з рукамі, фігуры. Пісалі, безумоўна. Проста недзе, мусіць, яны разышліся. Пастаноўкі былі. Гэта мы, іншагароднія, нявопытныя: завязеш свае работы ў вёску, а там яны прапалі і іх няма і не ведаеш, дзе яны падзеліся. А ён - мінчук. І мінчукі ведалі, як з гэтым абысціся. Вася пісаў пастаноўкі.
Дыплом з ім мы рабілі ў адной майстэрні, на мансардах, на праспекце. У дыпломнай рабоце я браў “Бульбу”, адзін з варыянтаў. А ён узяў тэму партызан. Але ў яго не пайшла шматфігурная тэма. Тады ён проста ўзяў жанчыну-партызанку над калыскай. Схілілася яна і гойдае дзіцятка. Гільзы замест цацак над дзіцяткам трымцяць. Вось такая фігура была. Драбіны на заднім плане. Такая ўжо была кампазіцыя. У яго цяжкавата ішло. Хаця і мне вымову аб’явілі. Невядома за што. Я зрабіў тры варыянты “Бульбы”. Тры планшэты два на паўтара метры. Вуглем картоны намаляваў. Прыйшла камісія:”Ой, малайчына!” А Васі як раз не было.”Давай твае работы будзем глядзець! Малайчына! Столькі напрацаваў”. А потым Стэльмашонак - ён манументаліст ленінградскі, заканчваў, здаецца, мухінку - не рэпінку. Сказаў:”Зараз у калгасах бульбу па-іншаму захоўваюць - у бетонных сховішчах, а ты ў палях парассыпаў”. Тады пачалі і іншыя падтакваць. Нядаўна ўхвалялі, усё на ”ура”, любы варыянт можаш пісаць, а тут пачалі крытыкаваць. Я стаю, ажно слёзы на вачах. Я ім кажу:”Ужо не разумею, што вы хочаце, пакіньце мяне, дайце мне падумаць самому”.
Тут Шаранговіч гаворыць:”Ён нас выганяе!” Усіх пад локці і павёў з гэтай мансарды. Потым Крохалеў забегае:”Ты што - нас матам паслаў?” Я кажу: ”Пётр Серапіёнавіч, вы што? Я проста сказаў:”Пакіньце мяне аднаго, дайце падумаць”. Не было нічога іншага. І ў думках. Вечарам я прыязджаю дадому, у інтэрнат, і ў мяне над ложкам вісіць свежы загад Эльвіры Пятроўны (хлопцы знялі ў інстытуце з дошцы аб’яў), што мне, дыпломніку, - строгую вымову.
А Вася… Зноў камісія прыйшла глядзець, як мы пішам. Васі не было. Камісія зрабіла заўвагі. Крохалеў потым вярнуўся ў майстэрню і без Васі там яму папраўкі зрабіў на дыпломе. Назаўтра Вася прыйшоў:”А што гэта такое? Хто тут у мяне калупаўся?” Я расказаў яму ўсё. Ён масціхінам усё зняў і па-свойму перарабіў. Такое вось у нас было ў інстытуце. Дыплом ён абараніў. Здаецца, чацвёрка ў яго была.
Размяркоўваліся мы так. Каця першай была. Яна адразу Мінск узяла. Я другім ішоў. Хацеў узяць Гародню або Брэст. Але Вася папрасіў:”Давай я паеду ў Гародню”. Я кажу:”Ты ж - мінчук, ты ажаніўся, потым усё роўна ў Мінск вернешся”. “Не, - гаворыць,- хачу ў Гародню”. Сідоркін паехаў у Гомель, ён родам з Касцюкоўкі з-пад Гомеля, як і Валодзя Сцепаненка. А я ўжо ўзяў Магілёў сабе. І адтуль у свае 27 гадоў пайшоў у армію, на тэрміновую службу. Пасля арміі я вярнуўся ў Мінск, у гэты вір мастацтва.