Х:- Мы з ім пазнаміліся проста на прыпынку. Я стаяла і чакала свой транспарт - гэта было ўжо позна вечарам, а ён як раз пад’ехаў - вось сюды, на вуліцу Веры Харужай (здаецца, ён ездзіў да дзяўчынак - сваіх дочак ад першай жонкі). І ён выйшаў з тралейбуса і чамусьці адразу накіраваўся да мяне. І вось так слова за словам мы разгаварыліся - так і пазнаёміліся. Банальна, проста. Хаця свекрыві - гэта была ўжо Васева ідэя - ён сказаў:”Мы пазнаёміліся на выставе”. Вася ў жыцці быў гумарыст.
К:- А яго сям’я. Што вы ведаеце пра яго карані?
Х:- Пра Васевы карані я мала ў прынцыпе ведаю. Яго бабуль і дзядуль я, наогул, не бачыла. І бацькоў ужо няма: бацька даўно памёр, а мая свякроў гадоў шэсць як памерла. Свякроў - польскіх крывей, бацька - карэнны беларус. Адна з яго родных мясцін - гэта хутар Мядзвежына, там Вася з маткай жыў пасля таго, як яны з бацькам разыйшліся. Цяпер гэта горад. Але раней тут быў хутар. Мы нават са свекрывёй і з маім сынам Янам ездзілі туды, калі ён маленькі быў. Потым там усё разбурылі. Але захавалася месца, дзе іх дом быў. Калі мы з Васем пазнаёміліся, дома ўжо не было. Была толькі пусташ і абрысы дома - рэшткі яго фудамента.
К:- Якім Васіль быў як чалавек?
Х:- Практычна ўсе з майго боку, хто з ім сустракаўся, казалі:”Вось быццам нядаўна пазнаёміліся, а такое адчуванне, што ты яго ўсё жыццё ведаеш”. Ён настолькі шчыра мог з людзьмі кантактаваць. Проста з першага разу літаральна захопліваў людзей у сваё асяроддзе. Ён быў вельмі таварыскі, дабразычлівы. Хоць на выгляд такі брутальны. Але мог з вуліцы прывесці якую-небудзь бабулю і сказаць:”Зайка, збяры што-небудзь для яе”.
Ён шкадаваў людзей. А ў доме… Сварацца ўсе, ва ўсіх рознае здараецца, гэта зразумела. А калі нават пасварымся, ён хутка пытае:”Зайка, а што будзем вячэраць?” Такі ён быў чалавек. Вельмі спагадлівы. І вясёлы, з гумарам. Прыпеўкі, памятаю, розныя спяваў. Спяваць, дарэчы, вельмі любіў. І ў яго даволі някепска атрымлівалася басам. Ён мне нават увесь час казаў:”Зайка, калі не будуць купляць карціны, я пайду спяваць у пешаходны пераход”.
К:- Ці была яго работа ў полі вашага зроку?
Х:- Толькі з моманту нашага знаёмства - а мы пазнаёміліся ў 89-ым годзе, у красавіку. Дарэчы, вось гэтая маленькая работа была мне падаравана літаральна праз дзень пасля нашага знаёмства. У яго была такая працавітаць, быццам ён адчуваў - яму трэба хутчэй, хутчэй… І ён заўсёды запрашаў мяне ў майстэрню, паказваў мне: маўляў, ацані вось гэтую работу, вось гэтую… А калі мы толькі пазнаёміліся, ён жыў у аднапакаёвай кватэры ў гэтым жа доме, толькі ў другім пад’ездзе. І на той момант у яго яшчэ не было майстэрні. Ён майстэрню атрымаў ужо ў 90-ым годзе. У 88-ым стаў сябрам Союза мастакоў.
А калі мы пазнаёміліся, у яго карціны, фарбы, мальберты - усё было ў кватэры. Адзін пакой, ложак ля сцяны, а ўсё астатняе занята рабочымі матэрыяламі. Часта я бывала ў яго майстэрні, дапамагала яму паспарту рабіць - гэта тады, калі я ўжо не працавала, таму што ў 92-ім у нас сын нарадзіўся. Я была ў дэкрэтным адпачынку, не працавала і прыходзіла, дапамагала.
К:- А паездкі на пленэры былі?
Х:- Так, гэта было. Ён многа ездзіў. Да знаёмых ездзіў. Памятаю, з Мікалаем Ісаёнкам ездзіў на яго радзіму, дзён дзесяць ён там быў. Зіма, такая халадэча. Я пытаю:”Як вы там будзеце?” Не, усё роўна стараўся пісаць. Потым быў міжнародны пленэр. Таксама ён ездзіў. І я з ім. Там гатэль у Астрашыцкім гарадку. І мы туды нават нашага маленькага сабачку бралі. На эцюды Васіль вельмі любіў ездзіць. А маглі проста ў выхадныя сабрацца - памятаю, сабраліся і паехалі ў Вязанку. Надвор’е цудоўнае. Ён сядзіць, піша. А я побач сяджу, загараю.
І за дзве гадзіны ён мог некалькі добрых эцюдаў напісаць. Дужа працавіты ён быў. На выставы адпраўляў работы. У Германію, памятаю, адправіў работы. Літаральна перад смерцю. Другога лістапада ён адправіў работы, а чацвёртага лістапада памёр.
К:- А якімі былі яго зносіны з калегамі, як вы мяркуеце?
Х:- Гэта датычыцца толькі тых, каго я ведала.
К:- А каго вы ведалі?
Х:- Са Славам Мурашкам у яго былі вельмі добрыя зносіны. З Валодзям Кожухам. Потым ён з архітэктарамі сябраваў. З Валерам Юзвукам. З Валерам Шкарубам. Ніколі я не чула, каб ён нешта дрэннае пра некага казаў.
К:- А наколькі ён быў гарачым у творчых спрэчках?
Х:- Гэта было. Я, вядома, не прысутнічала пры такіх спрэчках. Яны збіраліся самі, у яго майстэрні, пастаянна туды нехта прыходзіў. Ён прыязны, але за сябе мог пастаяць. Сваё ўмеў адстаяць.
К:- Вы кажаце “быў вясёлым чалавекам”. А нешта вясёлае згадваецца?
Х:- Калі застолле ў нас - нечый дзень нараджэння альбо іншае свята, ён усіх заўсёды весяліў. Альбо сядзім, жартуем, павесяліліся, пасмяяліся над яго жартамі. І потым раптам - цішыня за сталом. Бывае так: чамусьці ўсе змоўклі. Вася сядзіць і кажа:”О, недзе злодзій нарадзіўся”. Дробязі быццам. А ён у звыклым нейкую сутнасць бачыў. Вася заўсёды быў тактоўны. Ніколі не выйдзе з-за стала, пакуль не скажа пра любую страву:”Зайка, гэта шэдэўр!” Што б ні прыгатавала - заўсёды ўхваляў. Нават звычайную яечню. “О, гэта шэдэўр!”
К:- Вось яго служба ў арміі. Мяркуючы па фотаздымках, ён служыў у арміі пасля заканчэння інстытута.
Х:- Так. Ён год служыў. Ён добра маляваў, і гэта яго ўменне выкарыстоўвалі для афармлення ў вайсковай часці. Там яму часта даводзілася маляваць, пісаць. Маляваў, здаецца, заўсёды. І з задавальненнем.
К:- А Ленінград як пункт яго творчага маршрута як узнік? У вас там нехта з родзічаў жыў?
Х:- Не только жыў, але і цяпер мая сястра з яе мужам жывуць. І мы часта да іх ездзілі ў госці. А як гэта паехаць у Піцер і не папісаць? Таму часта-часта ездзілі. Аднойчы ён з Юзвукам ездзіў.
К:- Часта-часта: вы колькі разоў ездзілі?
Х:- Ледзь не кожны год мы ездзілі.
К:- Надоўга?
Х:- Тыдні на два.
К:- І ці заўсёды былі выхады на пленэры, ці заўсёды ён ішоў эцюды папісаць?
Х:- Заўсёды. Калі ездзілі туды, ён абавязкова выходзіў пісаць. І нават калі мы заставаліся дома, ён казаў:”Я пайду папішу”. І хадзіў. І эцюдаў прыносіў шмат. Вельмі працавіты быў.
К:- Піцерская тэма - яго тэма?
Х:- І піцерская. І ў Кіеў мы ездзілі. Там раней у мяне сяброўка жыла. І ў Кіеве ён таксама пісаў. Уходзіў зранку і на цэлы дзень. Пячорскую лаўру пісаў. Аднойчы прыходзіць і расказвае:”Ведаеш, зайка, я там ужо ўсё зрабіў, папісаў, зняў пярсцёнак заручальны, каб памыць пэндзлікі ў бензіне, і паклаў гэты пярсцёнак на бардзюр… Гэта ён расказваў ужо калі прыйшоў дамоў, і я заўважыла, што няма заручальнага пярсцёнка. Ой, як жа так? Ён сабраўся і паехаў назад. І што вы думаеце? Ён знайшоў. Ужо сцямнела, і, мусіць, ніхто пярсцёнка не заўважыў. Вось такі ў нас быў выпадак. Кіеў падабаўся Васю сваімі прыгожымі саборамі, лаўра падабалася.
К:- Тэма храмаў - таксама яго тэма?
Х:- Так-так. У апошні час… не ведаю, магчыма, ён нешта адчуваў… але апошнім часам ён зранку абавязкова чытаў малітву - ойчэ наш. І вельмі настойваў хрысціць дзіця. І нават у царкве Марыі Магдалены - я, праўда, аддала гэтае Евангелле старшай дачцэ Юле - а гэтую кніжку настаяцель царквы падараваў Васю - той выконваў пэўныя работы для царквы. Так, апошнім часам у Васі былі такія памкненні да веры.
К:- А наколькі ён быў чалавекам, які выплёсквае свой настрой?
Х:- Не ведаю, якім ён быў са знаёмымі, з сябрамі, з іншымі людзьмі, а дома ён быў надзвычай спакойным - можа таму мы ніколі не сварыліся. Яму трэба было, каб усё заставалася спакойным.
К:- Ведаеце, мастакі не любяць, калі пад час работы нехта стаіць за плячыма і назірае, як мастак працуе. А як Васіль ставіўся да такіх чужых назіраннях, да вашай увагі?
Х:- Вельмі добра ставіўся. Ён нават казаў:”Ты - мой першы знаток”. Мы нават ездзілі на Вязанку. Ён таксама ўзяў эцюднік. Паехалі проста адпачыць. Вася падрыхтаваў усё. І стаў пісаць з натуры. А мне так хораша на сонейку: думаю, паляжу. А ён кажа:”Досыць ляжаць. Ты глядзі, што я ўжо зрабіў”. Нармальна ён ставіўся. Нават на вуліцы,- ён мне расказваў,- падыходзяць людзі, глядзяць, цікавяцца. Ніколі не казаў:”Не перашкаджайце!”
К:- А як ён прымаў вашу дапамогу пры вырабе паспарту, у афармленні работ? Вы казалі, што быў час, калі вы гэтым займаліся, дапамагалі.
Х:- Сапраўды, памагала. Гэта было не так часта і не шмат. Тады і дзіцё было малое. А я працавала непадалёк ад яго майстэрні - вось тады і дапамагала. Ён нармальна гэта прымаў. Яму гэта давала дадатковы час папісаць, а не займацца афармленнем. Я рабіла тое, што ён казаў, што хацеў, што бачыў. Хаця часцей ён сам усё афармляў.
К:- Большаць яго работ аформлены ў сваеасаблівыя паспарту - гэта такі яго стыль. Але далёка не ўсе яны падпісаны. Чаму?
Х:- У Васі не было такой звычкі адразу падпісваць работу. Звычайна рабіў гэта, калі аддаваў работу на продаж. А такое здаралася не часта. У 2008 годзе мы рыхтавалі пасмяротную выставу Васі ў галерэі “La Sandr”. І разам з Валодзям Кожухам сядзелі, прыдумвалі назвы да Васевых работ і падпісвалі іх на зваротным баку. Валодзя і кажа:”Думаю, Вася на нас не пакрыўдзіцца за гэта”. І я так думала.
К:- А як здарыўся ўход Васіля? Усё, можна сказаць, было знянацку?
Х:- Мне патэлефанаваў яго сябра - архітэктар Мікола Пусянкоў , які як раз завітаў да Васі ў яго майстэрню. І гэта ўсё здарылася пры ім. Вася проста ўпаў. І ўсё. Пакуль прыехала хуткая дапамога - усё. Напісалі: вострая сардэчная недастатковасць. Вось так імгненна.