К:- Вы вучыліся з Хмялеўскім у тэатральна-мастацкім інстытуце, на першым курсе… А што помніцца з таго часу? Бо вас не так многа было - шэсць чалавек у групе. У кожнага - свой характар. Чым Хмялеўскі запомніўся? Якім вы яго бачылі?
С:- Жыццярадасны. Вясёлы. Агромністы. Ён ледзь што:”Андруха, скажы мне, калі будзе патрэба, я за цябе пастаю…” Ён быў большы за нас і дужэйшы. Хоць і я не маленькі. Добрыя, вельмі добрыя ўспаміны пра яго. Надзвычай цёплыя.
Оля, мая жонка, - актрыса. У нас была адна майстэрня з Васем на трэцім паверсе. А насупраць быў клас, дзе дзяўчаты займаліся танцамі. І вось Вася стане насупраць іх класа, калі яны ногі падымаюць-апускаюць, а ён ім рожыцы корчыць, смяшыць іх, перашкаджае.
На вучэбнай практыцы таксама розныя моманты былі. Часам і віна вып’ем. Але ўжо пасля работы, пасля эцюдаў. Ён мог больш выпіць, таму што ён буйнейшы. Тады гэта лічылася за добрае, калі можаш больш выпіць. Хаця і цяпер гэта многія ўхваляюць. Гэта я як плюс кажу. Таму што мы былі маладыя, здаровыя.
К:- А калі жывапісную тэму закрануць. Ведаю, што ў вас выкладалі Аракчэеў, Ліўшыц, Воранаў, Данцыг, Крохалеў. А вось вы, студэнты, у чым былі адзіныя і ў чым розныя?
С:- Ён быў старэйшы за нас. І быў нібы тата. Вусы ў яго. Салідна выглядаў. І ён нас усіх крыху апякаў, даглядаў. А ў сэнсе жывапісу… Ён у асноўным пейзажы маляваў, эцюды канкрэтныя.
К:- Эцюды, бадай, самая цікавая частка яго творчасці.
С:- Сапраўды. І ён так рана пайшоў.
К:- У сорак адзін яго не стала.
С:- На жаль… А калі казаць пра нашыя памкнені. Звычайныя былі. Як дацягнуць ад стыпендыі да стыпендыі. І клопаты былі аднолькавыя. Бо мы ў той час усе былі аднолькавыя. Хаця і быццам розныя. Я ў школе быў “першы вучань”. Я чатыры разы быў у Артэку. Гэта неверагодна.
К:- Сапраўды неверагодна. А за якія такія піянерскія заслугі?
С:- Выдатнікам быў. І вучўся на пяцёркі. І актыўным быў. А калі вяртацца да Хмялеўскага, то мы ўсе былі разам. Гэта для нас быў пачатак пачаткаў. Падтрымлівалі адно аднаго, дапамагалі як маглі… У школе са мной быў яшчэ і Саша Ісачоў. Хто ж тады ведаў, які лёс яго чакае? Была яго прыжыццёвая выстава. Стаяць людзі. Стаіць чарга. І я - адзін з мастакоў, хто яго падтрымлівае. А мне гавораць:”Гэта не прафесійна. Гэта не мастацтва”. А я так не думаю. І пытаю:”А на вашы выставы такія чэргі стаялі?” Маўчаць. А што тут скажаш?
Пасля ў нас з Васем разыйшліся шляхі. Ён сваёй дарогай пакрочыў, я - сваёй. А што было раней - звычайныя, юнацкія, студэнцкія стасункі. Але ў цэлым - ён добрыя пачуцці пакінуў. Жыццярадасны. Такі здаравенны быў.
К:- Усе кажуць:”Вялікі і добры”.
С:- Так, вельмі добры быў. А чаму ўспрымалі яго як старэйшага? Таму што ў яго дзяцька быў, і ў іх быў хутар недзе пад Мінскам. І яны з гэтым дзяцькам там гаспадарку вялі. Ён канкрэтна не толькі вучыўся, але і нешта рабіў, будаваў. Хаця яго паважалі і як мастака. Яго пейзажы, эцюды - вельмі прыгожыя. Дык няхай бы жыў ды жыў. Але лёс такі…