К:- Вы мне сказалі, што па сутнасці ведалі двух розных Хмялеўскіх — аднакласніка і мастака. Як гэта атрымалася?
Б:- Калі я працавала мастацтвазнаўцам у Палацы мастацтва, то ведала многіх мастакоў. І равеснікаў майго бацькі, Барыса Няпомняшчага. І яго старэйшых калег. І, зразумела, са свайго пакалення. З Васем Хмялеўскім мы былі аднагодкі. Я яго ведала як мастака — удзельніка рэспубліканскіх выстаў, на якіх я праводзіла экскурсіі. Але аб тым, што мы вучыліся ў адной школе і ў адным класе, я даведалася значна пазней. Калі ў мяне з’явілася свая галерэя “Ласандр-арт” і я змагла рабіць там выставы такімі, як я хачу. Я пачала запрашаць на персанальныя выставы тых мастакоў, якія мне падабаюцца, хто мне па душы.
Асаблівую сімпатыю я адчувала да тых, хто пісаў з натуры. Таму што я жыла ў той час, калі добры жывапіс грунтаваўся на пастулаце “адданасці жыццёвай праўдзе”. Натурныя эцюды былі вельмі каштоўныя для мяне асабіста, таму што ў гэтым я бачыла жывы кантакт мастака з прыродай. Для таго, каб зразумець мастака, які піша з натуры, трэба ўявіць чалавека, які вельмі любіць прыроду. Таму што інакш не прымусіш чалавека проста сядзець і маляваць прыроду. Навошта? Ёсць фотаапарат, які вельмі дакладна перадае наваколле. А мастак, калі ён піша з натуры, ён любіць кожны кусцік, кожнае дрэва. Ён любіць мора, неба. Усё, што перад ім, ён з любоўю пераносіць на палатно. І гэта любоў застаецца на палатне. І потым перадаецца гледачам. Я гэта заўсёды адчувала. Мне гэта заўсёды падабалася. Вядома, мастакі пісалі і вялікія палотны на нейкую зададзеную тэму. І ўкладалі ў іх сваё майстэрства і душу. Але гэта быў, як правіла, дзяржаўны заказ для музеяў і афіцыйных устаноў. А ўсё, што мастакі пісалі на прыродзе, гэта для душы. Гэта для сябе. Гэта нават не на продаж. Таму што ў савецкія часы немагчыма было прадаваць. Менавіта з такіх свежых, натурных, часцей аднасеансавых эцюдаў я рабіла персанальныя выставы любімых мастакоў.
Калі раптоўна не стала Васі Хмялеўскага, я рашыла зрабіць яго выставу. Пазнаёмілася з яго ўдавой. Была ў іх дома. Агледзіла, што засталося з яго твораў. Мы шчыра пагаварылі, абмеркавалі будучую выставу, пра ўсё дамовіліся. А потым пагарталі альбом з фотаздымкамі. На іх было дзяцінства Васі, юнацтва — усё, што было ў мінулым. І на школьным выпускным фотаздымку, дзе быў сфатаграфаны ўвесь клас, я раптам убачыла сябе. Але Васі там не было.
Таму што ён пасля восьмага класа паступіў у мастацкае вучылішча імя Глебава. Я памятала, што ў нашым класе быў Вася Хмялеўскі. Але не здагадвалася, што ён і ёсць той самы мастак, з якім я сустракалася ў Палацы мастацтваў. Гэта ўзрушыла мяне. І я дагэтуль памятаю той момант, калі выявілася нябачная сувязь, што прывяла мяне да выставы твораў Васіля Хмялеўскага. Мы з ім размінуліся двойчы ў жыцці, каб сустрэцца ў выставачнай галерэі.
Калі гаварыць пра творчасць Васіля Хмялеўскага, то ён быў сярод мастакоў, якія любілі пленэры: Кастусь Качан, Мікалай Ісаёнак, Валерый Юзвук. Іх яшчэ называлі “хмызнякамі”. Бо яны часта пісалі кусты на ўзлеску — хмыз, які ўвосень робіцца крыху фіялетавым. Сярод зеляніны з’яўляецца лёгкая смуга, заслона туману, якую гэтыя мастакі ўмелі адлюстроўваць. Гэта дзіўны стан! Я думаю, што гэта — беларускі імпрэсіянізм у такой тонкай і самай лёгкай праяве, уласцівай нашай прыродзе. Мастакі ўлоўлівалі момант, калі зеляніна змяняе сваю афарбоўку дзякуючы паветру. Яны пісалі паветра. Як і французскія, і як рускія імпрэсіяністы, яны пісалі не столькі рэчы, колькі асяроддзе вакол іх. І стваралі ўражанне з дапамогай каларыстычнай вібрацыі паветранай прасторы. У гэтым сутнасць імпрэсіянізму.
Вася са сваімі сябрамі-аднадумцамі ў любое надвор’е апранаў ватоўку, надзяваў боты — такую экіпіроўку грыбнікоў і рыбакоў. І ехаў на эцюды. Мастакі любяць такія перыяды міжсезоння, калі ў прыродзе з’яўляецца шмат адценняў. А прырода — гэта іх стыхія. Тут самыя бясхітрасныя матывы, самыя простыя сюжэты цешаць вока і душу. “Што бачу, тое і пяю. Але спяваю пра тое, што мне падабаецца”. Вось такая формула беларускіх барбізонцаў.
К:- Ці ёсць улюбёная тэма альбо тэма, да якой часцей звяртаўся Хмялеўскі?
Б:- Цяжка сказаць. Я не заўважыла. Хаця сёння паглядзела ў інтэрнэце некалькі карцін Хмялеўскага. І сярод іх ёсць адзін пейзаж — з мазанкай невялікай, з дахам заснежаным. І над дахам гняздо бусла. У мяне падобная работа таксама ёсць. Гэты матыў ён пісаў шматразова. Напэўна, гэта яму падабалася часцей за ўсё.
К:- Нацюрморты, пейзажы, эцюды... Як раз эцюды, па-мойму, самая гучная частка яго творчасці.
Б:- Сапраўды, гэта самае каштоўнае. Гэта тое, што ён зберагаў, што любіў. У іх бачыш стан прыроды, які ён вельмі тонка адчуваў.
К:- Яшчэ адну дэталь хачу абмеркаваць. Хмялеўскі імкнуўся свае эцюды ўладкаваць у такія вялікія паспарту з ДВП, пафарбаваныя. У гэтым была нейкая задумка?
Б:- Магчыма, гэта не задумка, а проста адсутнасць добрых матэрыялаў для афармлення. Хаця сэнс у гэтым таксама ёсць. Бо для эцюда невялікага памеру ў раме не хапае прасторы, а паспарту яе дадае. Васю хацелася зрабіць абрамленне больш прасторным, каб прырода не была заціснутая ў рамку. Вось ён і выразаў паспарту з ДВП і фарбаваў яго. Былі б добрыя матэрыялы, ён бы гэтым не займаўся. Такое маё меркаванне.
К:- Добра. Дзякуй!