К:- Калі і чаму ў ваша жыццё прыйшоў Васіль Хмялеўкі?
І:- Я не памятаю, як мы сустрэліся. Мы ведалі адно аднаго па работах. Потым неяк выехалі на эцюды разам. Напэўна, нас зачапіла тое, як мы ставімся да жывапісу. Абодва з натуры пісалі. Такіх тады было шмат. Зараз засталося мала. Амаль на засталося. Час дыктуе свае. Карацей, не магу растлумачыць, як зблізіліся. Тое ж было і з Качаном, і са Шкарубам, і з Кожухам. Мы вадзіліся, сустракаліся. Вася нібы адчуваў, што хутка пакіне свет. І кожную хвіліну бег у майстэрню…
Вася вельмі любіў сваіх дзяўчынак. Ён быў надзвычай уважлівым бацькам. Ён рабіў для іх усё. Пісаў работы, якія можна было прадаць. Такія невялікія работы мы часта пісалі разам. Але пакуль я напішу адну, ён - тры-чатыры. І правільна рабіў. Таму што ён пісаў стан, настрой. Так, як гэта рабілі імпрэсіяністы. У яго не было імкнення да карціны. Вось я нават у маленькім эцюдзе стараюся пісаць карціну. Ці камерны эцюд. Ці эпічны матыў.
Але я павінен быў убачыць гэты пейзаж. А ён бачыў па-свойму. Ён браў кавалачак нейкай бярозы. І рабіў гэтым настрой. Па танальнасці яго работы - асаблівыя. Я любіў тон, абшар. А ён колерам пісаў. Нацюрморты пісаў вялікага памеру. Гэта былі камерцыйнага плана работы. Але ўсё роўна яны былі майстравітыя. А яшчэ што нас аб’ядноўвала - гэта работы з вадой. І ў яго не было вялікіх пейзажаў.
У сусветным мастацтве, у пейзажы таксама няма шэдэўраў больш за метр. Большыя пісалі толькі прыдворныя мастакі. Я вось гляджу работы Канстэбля, бачыў выставу Цёрнера. Гэта ўсё невялікага памеру работы. Яны зроблены, можна сказаць, адным імгненнем. І яны больш знакавыя, чым аб’ёмныя палотны. Сёння пейзаж пішуць многія. Але пейзажыстаў мала. А вось Вася быў зацыклены на гэтым стане. Ён проста гэтым жыў, калі пісаў свае работы. Тое ж самае, як і Цвірка. Гэта нас і аб’ядноўвала.
Па гараскопу я - баран, а Вася - леў. Ён не любіў, калі яго супраць шэрсці кранаюць. І калі мы часам сядзелі за сталом, я яму казаў нешта не тое, што яму хацелася пачуць, ён тады браў мяне ў ахапак і выносіў на лесвічную пляцоўку тых майстэрань, што каля опернага тэатра. А потым ён супакойваўся і заносіў мяне назад у майстэрню, і мы працягвалі працаваць і гаманіць.
Чалавек ён быў не дужа гаваркі. Але шчодры чалавек. Праўда, калі выпіваў, то рабіўся зусім іншым. Я яго прытармажваў тады, калі адчуваў, што гэта дрэнна скончыцца. Калі я прыязджаў да яго ў бальніцу, прывозіў яму цыгарэты. Інакш кажучы, адносіны былі простыя: мы не гаварылі доўга пра мастацтва. Мы проста жылі гэтым працэсам. Нас аб’ядноўвала тое, што мы любілі работаць на прыродзе. Нам хацелася нешта зрабіць. Калі са ста эцюдаў атрымліваўся адзін, значыць ты не дарэмна пражыў гэты час. Таму што напісанае з натуры - гэта не тавар. Хаця і хацелася напісаць такое, што можна прадаць. У Васі, як і ва ўсіх, было жаданне зарабіць. Але жыў ён выключна на творчыя сродкі. Мне таксама не хацелася бегаць за званнямі, за ўзнагародамі. Таму што жыццё - кароткае. Вось так і Вася. Мы ніколі не гаварылі пра поспехі. У яго было мора эцюдаў. Ён усе эцюды афармляў. Як у свой час Стажараў.
К:- А чаму ён імкнуўся зрабіць фон для гэтых эцюдаў з дапамогай паспарту?
І:- Разумееце, малый фармат патрабуе падачы. Бывае, рама работу размазвае, калі яна трапляе ў тон. Каб нешта сканцэнтраваць, павінен быць іншы фон. Вось я зараз гляджу многа перадач з еўрапейскіх галерэй, з амерыканскіх. І вось я ўбачыў, як невялікія работы Пікаса, Маціса, Клея апранаюць у патрэбныя рамы. Амерыка скупіла работы многіх славутых мастакоў. А мы пісалі для свайго гледача. Мы не моднічалі. Вася быў стабільны ў гэтым плане. Ён нічога не шукаў. Ён рабіў тое, што знайшоў. Ён, мабыць, адчуваў, што ўсяго ў гэтым жыцці не паспееш. І ён жыў менавіта сваім.
Пісаць ён прыязджаў да мяне ў вёску. Мы там разам жылі. Ён быў такі магутны асілак, вельмі дужы хлопец. І як здарылася, што ён так рана адыйшоў, я дагэтуль не разумею. Бог кожнаму дае сваё. Таму кожны дзень - гэта падарунак. Былі падарункамі і дні, калі мы пісалі. Пішам, пакуль жывём, і жывём, пакуль пішам. Гэта самае галоўнае.
А як ён памёр… Я паехаў у Віцебск. І кажу: ”Вася, я прыеду, і мы паедзем у вёску”. Ён у вёсцы звычайна садзіўся на веласіпед, і ад вагі веласіпед згінаўся літарай зю. А Вася соп і круціў педалі… Вось я і сказаў: ”Прыеду - паедзем пісаць”. Я паехаў, а мне тэлефануе муж сястры:”Коля, Васі няма”. І я ноччу на машыне ляцеў на пахаванне Васі. Я жыву, а яго няма…