К:- Успаміны сяброў і калег пра Васіля Хмялеўскага звычайна пачынаюцца з двух слоў: вялікі і добры. І гэтыя “вялікі і добры” — дамінанта размоў пра вашага бацьку. Я разумею, што тата для любога дзіцёнка — вялікі і добры. А якім яшчэ ён быў для вас?
Х:- Я таксама хачу сказаць, што для мяне ён быў вялікім і добрым. Я тату памятаю маленькай дзяўчынкай. Тата адышоў, калі мне было 14 гадоў. А маёй сястры — 12. І для мяне гэта сапраўды вялікі чалавек, таму што я была маленькім дзіцём. Вельмі цёплы, вельмі добры, вельмі спагадлівы. Ён нас вельмі любіў. Шмат часу праводзіў з намі. На жаль, нашы бацькі разышліся, але ўспаміны пра тату ў мяне вельмі цёплыя. Вялікі, добры, справядлівы, вельмі цёплы. Вельмі эмацыянальны чалавек.
К:- Тады давайце вось у які ракурс перавядзём нашу размову. Гукамі колер вымяраць праблемна. І ўсё ж давайце пойдзем у гэты бок. Многія сцвярджаюць: Хмялеўскі быў вельмі музычным. З вашага сённяшняга прафесійнага пункту гледжання: наколькі ён быў музычным чалавекам?
Х:- Мне складана адказаць. Я не чула, каб тата часта спяваў. Але ён быў вельмі эмацыянальны. У нас была кватэра ў Серабранцы, і зала была аддадзена пад татаву майстэрню. Але яна заўсёды была зачынена. Для нас з сястрой было цікава туды трапіць: што ж там тата хавае? А калі траплялі туды — там такі пах фарбаў, палотнаў. І калі тата абдымае, гэты пах яшчэ большы. Вось такія дзіцячыя ўспаміны засталіся на ўсё жыццё. Не ведаю, наколькі ён быў музычным — напэўна, у мяне было мала часу для магчымасці даведацца пра гэта. Але яго эмацыянальнасць, цеплыня вызначалі яго характар. Гэта са мной засталося на ўсё жыццё. І гэта мне вельмі дапамагае.
К:- Вы — музыкант. Гледзячы сёння на эцюды бацькі, яго пейзажы, нацюрморты, як вы думаеце: у творчасці мастака Хмялеўскага ёсць свая мелодыя?
Х:- З вашага дазволу я капну крыху глыбей. Як мы ведаем, у мастацтве, у музыцы ёсць свае стылі і жанры. Што да музыкі, гэта барока, класічная эпоха, рамантычная эпоха, імпрэсіянізм, і далей мы імкнёмся ў наш век. Тое ж самае і ў мастацтве. Я калі аналізавала творчасць таты, я заўсёды параўноўвала яго з рамантычнай эпохай — з рамантызмам. Гэта адчуваецца адразу. Але адначасова я заўважаю моманты імпрэсіянізму ў яго. Ёсць такое спалучэнне — яно на мяжы: рамантыка — імпрэсіянізм. Там ёсць дакладныя лініі і недзе яны размываюцца. Тое ж самае і ў музыцы. Гэта суб’ектыўнае меркаванне — я не спецыяліст, не мастацтвазнаўца — у мяне менавіта такое ўспрыманне татавых работ.
Яшчэ вось што я хачу дадаць пра сувязі нашага таты з музыкай. Мы з сястрой Янай — музыканты. І восьмага мая 2008 года ў зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі, у зале імя Рыгора Шырмы татава работа стала ўдзельніцай музычна-тэатральнага перформансу кампазітара Ганны Кароткінай “Маналогі душы” на вершы Марка Шагала. Карціна стаяла на сцэне, упрыгожвала яе, і акцёры звярталіся да гэтай карціны, бо яна была ўдзельніцай перформансу. Мая сястра спявала, я акампаніравала ў адным з нумароў праграмы. Хачу сказаць, што гэта найбольш вядомая татава работа — гэта яго дыпломная работа. Не выпадкова фота гэтай дыпломнай работы тата адправіў у энцыклапедыю. Гэту карціну бацька падараваў нам, нашай сям’і. Ён сказаў маме: ”Гэта на памяць маім дзяўчынкам”. Яна з намі. Яна саграе нашы душы.
Гэта алмаз у нашай сям’і. Хаця часцей бацька пісаў невялікія эцюды.
К:- У яго эцюды вельмі цікавыя. Больш таго — тыя ж мастакі Кастусь Качан і Мікалай Ісаёнак кажуць, што яны хадзілі разам на эцюды, але пакуль адзін-два зробіш, Вася паспяваў зрабіць чатыры-пяць, прычым з іх штукі тры — проста геніяльныя.
Х:- А яшчэ мне ўзгадваецца наша паездка ў нейкую вясковую глыбінку. Мне было гадоў пяць-шэсць, маёй сястрычцы — тры гадкі. І вось тата нас узяў з сабой. Была зіма, вялікія сумёты. І мы шыбуем праз гэтыя сумёты: мама, мы ўдваіх і тата. Ён ідзе са сваім эцюднікам, са сваім мастакоўскім грузам. Мы ідзём і заходзім у нейкую хату. Тата малюе. Мама гатуе абед. Потым мы ідзём у лазню. Спачатку тата, потым мы з мамай. Ніколі ў сваім жыцці я больш не бачыла столькі снега. Гэта дзіцячыя ўражанні. Але ўсё роўна кажуць: цяпер не выпадае столькі снегу. А гэта былі назіранні на ўсё жыццё.
К:- А цяпер, калі ласка, пра карані Васіля Хмялеўскага.
Х:- Пра бацькаву гісторыю. Я ведаю, што бабуля Роза — гэта татава мама — яна разышлася з нашым дзядулем, у іх былі складаныя сямейныя ўзаемаадносіны. З’явіўся новы мужчына ў яе жыцці. Яна стварыла з ім сям’ю. А тата быў складаным дзіцём. Гэта я ведаю з сямейных размоў. Тата быў няпростым падлеткам. Таленавітым, але складаным. І бабуля, відаць, не спраўлялася псіхалагічна, эмацыянальна. І бабуля аддала тату ў інтэрнат. Гэта тое, што я чула ў сямейных абмеркаваннях. Гэта была пэўная псіхалагічная траўма для майго бацькі. І гэта — я думаю — наклала пэўны адбітак на яго жыццё, на яго адносіны з жанчынамі. І далей ён па-свойму будаваў сваю сям’ю.
У кожнай сям’і ёсць свае шкілеты ў шафе. Дзякуй Богу, я навучылася гэтыя шкілеты аддзяляць ад асобы бацькі. Таму што я запомніла тату яркай і прыгожай асобай, душой кампаніі. Мне расказвалі, што яго прымалі розныя багемныя кампаніі. Ён хадзіў на вечарыны, дзе выступалі спявачкі з опернага тэатра. Карацей, быў шчодры чалавек. Вельмі добры, спагадлівы. Магчыма, нават занадта.
Бабуля Роза працавала ў Доме мод. Яна пашывала абутак. Была вельмі добрым майстрам. А пра дзядулю я ведаю, на жаль, мала. Карані ў нас трывалыя. Хочацца, каб наш род доўжыўся. Зараз праз маю пляменніцу Васіліну. Яна ў нас дзяўчынка таленавітая, сваеасаблівая - падлеткавы ўзрост. Я спадзяюся (усе мае малітвы пра гэта), каб наш род працягваўся. І каб беларуская зямля поўнілася новымі талентамі.
К:- Коратка пра сябе, калі ласка.
Х:- У мяне была вельмі добрая школа ў Серабранцы — гэта сярэдняя школа з музычным ухілам № 102. Мы яе скончылі з сястрой Янай. Атрымалі вельмі добрую адукацыю. Потым пасля дзевятага класа я паступіла ў Мінскае музычнае вучылішча імя Глінкі. Скончыла па спецыяльнасці піяніст, педагог, канцэртмайстар. Потым навучалася ў Акадэміі музыкі. Стаж работы ў мяне 25 гадоў. Я сем гадоў была кіраўніком фартэпіяннага аддзялення ў школе. Чатыры гады была дырэктарам прыватнай музычнай школы пры каталіцкім храме. Працавала ў Брэсцкім музычным каледжы. А зараз я — канцэртмайстар у Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Прымаю ўдзел у конкурсах, канцэртах.