Яечня
На самым пачатку дзевяностых, па восені, я сустрэў Васіля Хмялеўскага. Ён прадаў эцюд і з ім разлічыліся: далі две бутэлькі гарэлкі і грошы. Гарэлка была ў торбе і Вася прапанаваў выпіць. Каб не піць на вуліцы, то вырашылі падацца ў майстэрню да Валодзі Кожуха ў Траецкае. Прыйшлі. Кожух узрадаваўся і пачаў гатаваць закуску. Уключыў электрычную плітку, паставіў на яе патэльню і пачаў смажыць сала з цыбуляй, туды ж разбілі і дзесятак яек. У майстэрні запахла вёскай. Піць не пачалі, а дзве легенды вучэльні і інстытута заспрачаліся пра жывапіс. Пра колер жаўтка на чорнай патэльні. Спрачаліся якой фарбай можна перадаць жаўцізну, мяккасць, бліскучасць і смачнасць…
- Стоп, Вася! - інтэлігентна гаварыў Кожух.
- Не, Валодзя! - пачціва перапыняў Хмялеўскі.
Дайшло да таго, што яны ўзяліся на кардонках пісаць тую самую яечню са шкваркамі і рудой цыбуляй. Сеанс жывапісу доўжыўся чвэрць гадзіны. У Хмялеўскага атрымалася лепш. Калі ўсё выпілі і з’елі, то Кожух прапанаваў паехаць у майстэрню да Данцыга. Я адмовіўся, а Вася Хмялеўскі задрамаў. Ён сядзеў на канапе і падпіраў вусатую галаву вялікім кулаком, перапэцканым кадміем, странцыянавай жоўтай і вохрай… Кожух прыдзірліва разглядаў кардонкі з намаляванай яечняй. Разыйшліся, калі было цёмна. Праз гадоў дзесяць Кожух напіша нацюрморт з чорнай патэльняй і яечняй. Можа гэта працяг спрэчкі з сябрам-нябожчыкам пра вогнены колер жаўтка?